Культура
Мяне электрычныя сонцы сьляпучым праменьнем залілі,
я чую, як шэпчуць на вуха драты празь бясконцыя мілі
сакрэты, што йдуць праз увесь зямны шар.
На дзікіх шалёных вакзалах –
шынкі, скуль народы за хвілю кудысьці памчацца па шпалах
у чэраве лакаматываў, прыручаных цёмных пачвар…
Ляціць то зялёны, то ў золаце, то беласьнежна-яскравы
да рэек прыкуты бягун-краявід;
паўзуць праз тунэлі і горы рухавыя дзеткі-саставы,
якіх нарадзілі руда і граніт…
З кубічных сталіцаў у сэрца пустынь, на чужыну й радзіму,
глытаючы мэрыдыяны,
у клубах дрыготкага дыму,
праз поўнач і поўдзень, на захад з усходу
імчыцца цягнік апантаны
ў таемны канец, як пасол чалавечага роду.
У прызьме крыштальнай мне сонцаў гараць маякі,
бо я – чалавек, цар зямных і падводных краінаў!
Я песьня мэталу, якой між лясоў і далінаў
гучаць уначы цягнікі…